Ужо праз некалькі дзён пасля пачатку Вялікай Айчыннай вайны, дзесьці 27 чэрвеня, на Глушчыну прыйшлі ворагі. Хутка тэрыторыя нашага раёна была цалкам акупаваная фашыстамі. Праз некалькі месяцаў паўсюдна ў Беларусі, у тым ліку і на тэрыторыі Глускага раёна, пачалі дзейнічаць падпольныя групы. Менавіта падпольшчыкі распаўсюджвалі напісаныя ад рукі лістоўкі, у якіх заклікалі мясцовае насельніцтва не верыць, што ўжо занятая Масква і фронт дайшоў да Урала, аказваць супраціўленне фашыстам, змагацца з імі ўсімі даступнымі сродкамі. Увогуле, як адзначаюць гісторыкі, друкаванае слова ў Вялікай Айчыннай вайне мела вялікую сілу: яго выкарыстоўвалі савецкае кіраўніцтва і гітлераўская прапаганда.
Гаворачы сучаснаю моваю, вялася інфармацыйная вайна. Нягледзячы на жорсткія расправы і абяцанні шчодрых узнагарод (напрыклад, таму, хто пакажа, дзе падпольна друкавалася газета «Звязда», акупанты гатовыя былі выплаціць 75 тысяч марак), рукапісныя і друкаваныя лістоўкі, баявыя партызанскія лісткі і савецкія газеты распаўсюджваліся сярод насельніцтва на ўсёй акупаванай беларускай тэрыторыі. Іх можна параўнаць з сапраўднай зброяй, таму што яны падрывалі новы парадак, устаноўлены акупантамі, разбуралі іх міфы аб становішчы на фронце і зараджалі надзею на перамогу. Усяго ў перыяд акупацыі на тэрыторыі Беларусі выдавалася больш за 160 савецкіх падпольных газет, з іх 145 — раённыя. Глускі падпольны райкам Кампартыі, які дзейнічаў на акупаванай тэрыторыі, прыняў рашэнне падпольна выпускаць рукапісныя лістоўкі з паведамленнямі Саўінфармбюро.
У іх людзям расказвалі пра сапраўднае становішча на фронце, пра арганізацыю партызанскіх атрадаў, заклікалі наладжваць супраціўленне ворагу… Але лістовак было вельмі мала: іх распаўсюджвалі ўсяго па некалькі дзясяткаў, што, вядома, было недастаткова. Патрэбна было наладзіць выпуск друкаваных выданняў, аднавіць выхад раённай газеты “Сацыялістычная вёска”.
У жніўні 1943 года ў лесе каля вёскі Зорка пачала друкавацца Глуская падпольная раённая газета “Сацыялістычная вёска”, друкаваны орган райкама КП(б)Б. Выходзіла газета два разы на тыдзень. Аб тым, у якіх умовах прыходзілася працаваць, каб выдаваць падпольную газету, як распаўсюджвалі яе сярод партызан і мясцовых жыхароў, расказваў у 1995 годзе ў адным з нумароў “Радзімы” рэдактар “Сацыялістычнай вёскі” часоў вайны Станіслаў Францавіч Шумоўскі: “У канцы чэрвеня 1941 года гітлераўскія захопнікі акупіравалі нашу Глушчыну. Перастала выходзіць раённая газета. Пад пагрозаю пакарання смерцю фашысты запатрабавалі здаць радыёпрыёмнікі. Людзі засталіся, па сутнасці, без праўдзівай інфармацыі, а фашысцкая прапаганда ў гэты час захлёбвалася ад радасці, сцвярджаючы, што рускім скора канец, хутка будзе ўзята Масква, а савецкі ўрад уцякае на Урал, а потым у Лондан. Многія гэтаму верылі. Вось чаму ўзнікла вострая патрэба ў праўдзівай інфармацыі аб становішчы на савецка-германскім фронце”.
Па рашэнні Цэнтральнага штаба партызанскага руху, — гаворыць у сваім аповедзе Станіслаў Шумоўскі, — арганізацыю ўсёй гэтай справы даручылі мне. Неабходна было падабраць газетных работнікаў, наборшчыкаў, друкароў. У пошуках такіх людзей давялося абысці Глускі і Акцябрскі раёны. Заданне аказалася не з лёгкіх: па начах я прабіраўся ад атрада да атрада, распытваў людзей. Даведаўся, што ў Акцябрскім раёне ў грамадзянскім лагеры (там, дзе размяшчаліся сем’і партызан) жыве Соня Грайфер, якая да вайны працавала ў друкарні наборшчыцай. Адшукаў яе, і мы разам вярнуліся на Слаўкаўшчыну. Затым мне паведамілі, што ў лясах пад Зелянковічамі жыве былы работнік тыпаграфіі Шлёма Рубінсон, які ўмее набіраць і вярстаць газету. На шляху да Зелянковіч размяшчаліся варожыя гарнізоны. Дарогі тут былі ўзмоцнены патрулямі і паліцэйскімі. Абыходзячы іх ляснымі сцежкамі, я дайшоў да Зелянковіч і неўзабаве, ва ўрочышчы Хаб, знайшоў гэтага чалавека і забраў яго з сабой. Так было вырашана пытанне з работнікамі друкарні.
Крыху прасцей абстаялі справы з літаратурнымі супрацоўнікамі і радыстам. У партызанскім атрадзе імя Будзёнага радыстам працавала мая жонка Антаніна Сямёнаўна, настаўніца рускай мовы і літаратуры. У яе абавязкі ўваходзіла прымаць па радыёпрыёмніку, які ўдалося захаваць, зводкі Саўінфармбюро. Іх перадавалі па радыё пад дыктоўку для газет з дзвюх гадзін ночы.
Правёўшы такую арганізацыйную работу, я з’явіўся ў штаб партызанскага руху. Тут мне выдалі партатыўную машынку, шрыфты, касу для шрыфтоў, паперу. Не хапала толькі лагатыпа для газеты, з якім яна выходзіла да вайны. Але і тут скемілі: зрабілі яго з кавалка лінолеуму”.
Першы нумар падпольнай газеты “Сацыялістычная вёска” выйшаў у пачатку жніўня 1943 года. Кожны газетны радок быў накіраваны супраць ворагаў. Друкаваліся заклікі да партызан: “Ты чуеш, як па тваёй зямлі і краіне маршыруюць салдаты і афіцэры гітлераўскай арміі? Знішчай іх, як бешаных сабак!”.
Звяртаючыся да насельніцтва, газета пісала, што на яе старонках будзе напісана праўда пра вайну, пра становішча на фронце, будзе расказвацца пра баявыя справы партызан, жыццё людзей на акупаванай тэрыторыі і ў вызваленых ад фашыстаў зонах у тыле ворага.
У артыкуле “Усёй вёскай у партызаны”, — распавядаў ужо ў мірны час на старонках раёнкі Станіслаў Шумоўскі, — паведамлялася аб тым, што мужчыны, жанчыны і падлеткі вёскі Амур пайшлі ў лясы, каб за здзекі помсціць ворагу, каб наблізіць дзень перамогі. У падборцы “Мацней удары па чыгунцы” расказвалася аб баявых дзеяннях падрыўнікоў на чале з Віктарам Хархурыным. Аб баявых справах падрыўнікоў атрада імя Будзёнага, іх мужнасці і адвазе ў нашай газеце была надрукавана песня “Марш падрыўнікоў”. На старонках газеты знаходзілі месца сатыра і гумар, прыпеўкі, песні, прымаўкі і прыказкі, тварцом якіх быў народ, партызаны.
Газета перадавалася з рук у рукі, наклейвалася на сцены дамоў нават у тых населеных пунктах, дзе былі варожыя гарнізоны. Дзясяткі падпольшчыкаў і сувязных, рызыкуючы жыццём, распаўсюджвалі “Сацыялістычную вёску”.
У ліку распаўсюджвальнікаў газеты ў Глуску былі Марфа Багам’я, Алена Красякова, Дуся Касько, Марыя Серада і іншыя бясстрашныя жанчыны і дзяўчаты”.
Бывалі выпадкі, калі падпольная раённая газета “Сацыялістычная вёска” друкавалася не толькі для “сваіх”, але і для ворага, і гэта давала свае вынікі. Вось як пра гэта расказваў рэдактар “Сацыялістычнай вёскі”:
“У канцы жніўня 1943 года супраць глускіх партызан былі кінуты буйныя сілы карнікаў. З улікам гэтага мы выпусцілі спецыяльную лістоўку, якую распаўсюдзілі сярод уласаўцаў, што ўдзельнічалі ў карнай аперацыі і размяшчаліся ў вёсках Барбарова і Малінава. Цераз сувязных з імі завязалася перапіска. Паштовай скрынкай паслужыла дупло ў дубе, непадалёку ад вёскі Барбарова. У выніку вялікага ўплыву, які аказала газета, 68 уласаўцаў са зброяй і боепрыпасамі перайшлі да партызан.
У час бою на ўскрайку лесу ля вёскі Заеліца адзін з партызан адстаў і наткнуўся на варожыя траншэі. Вялікае было яго здзіўленне, калі ён пачуў: “Ідзі адсюль, вашы ўжо даўно пайшлі”. Праз некаторы час у атрад імя Будзёнага перабеглі тры ўласаўскія афіцэры, якія змагаліся потым у атрадзе супраць гітлераўцаў”.
Як распавядаў на старонках раёнкі Станіслаў Шумоўскі, у ваенны час Глуская падпольная раённая газета “Сацыялістычная вёска” часта пісала пра баявыя дзеянні партызанскіх атрадаў, што ўваходзілі ў састаў партызанскай брыгады, якая пазней атрымала назву Глускай. Атрады пастаянна выходзілі на сувязь з камандаваннем брыгады, таму рэдакцыя газеты заўсёды мела поўную інфармацыю аб баявых дзеяннях і жыцці партызан. Каб карэспандэнты маглі браць і аператыўна размяшчаць на старонках газеты самую свежую і цікавую інфармацыю, патрэбна было хутка перамяшчацца ад аднаго атрада, вёскі да іншых. Для гэтага за рэдакцыяй быў замацаваны конь. Даглядаў рэдакцыйнага каня і ездзіў на ім смелы і кемлівы падлетак Грыша Сталяроў. Трэба адзначыць, што такі сродак перамяшчэння ў той час быў амаль самым хуткасным, вельмі важным, і не толькі для таго, каб атрымаць інфармацыю, а і дзеля бяспекі ўласна рэдакцыі. Калі здараліся нейкія небяспечныя сітуацыі, на падводу (а калі справа была зімой, то на сані) хутка грузіліся рэдакцыйная маёмасць, абсталяванне, і падпольная рэдакцыя выпраўлялася ў шлях.
Позняй восенню 1943 года, — расказваў рэдактар Станіслаў Шумоўскі, — у партызанскай зоне ішлі ўпорныя баі з пераўзыходзячымі сіламі праціўніка. Мы былі вымушаны адыходзіць і неўзабаве разам са штабам брыгады аказаліся ў вёсцы Альбін, за якой пачыналася велізарнае цяжкапрахадзімае балота. Вёску з востравам, які размяшчаўся сярод гэтага балота, звязвала доўгая гразная грэбля, па якой партызаны адыходзілі на востраў. Шлях быў небяспечны: праціўнік перыядычна абстрэльваў грэблю з шасціствольнага мінамёта. У час пераправы нашай рэдакцыйнай павозкі мы якраз і трапілі пад абстрэл… Мы аказаліся на востраве надоўга… Прыйшоў красавік, а з ім немцы пачалі наступленне на партызан. Яно вялося з усіх бакоў абшырнай партызанскай зоны.
Партызаны аказвалі ворагу супраціўленне, але яны не маглі супрацьстаяць яго рэгулярным часцям. З кожным днём тэрыторыя звужалася… У другой палавіне красавіка кальцо акружэння замкнулася. Вораг палез у балота. Прайшоўшая зіма была такой сцюдзёнай, што па грэблі змаглі пайсці нават варожыя танкі.
Стала ясна, што мы не ў сілах адстаяць свой востраў. Паўстала пытанне аб падпольнай друкарні, яе абсталяванне прыйшлося схаваць у яме, якую добра замаскіравалі, а самі пайшлі ў глыб балота. Дванаццаць дзён разам з брыгадамі Шашуры, Розава, Шубы, Кулікоўскага мы шукалі выхад з акружэння, раз-пораз натыкаючыся на нямецкія часці… У час аднаго абстрэлу загінула наша наборшчыца Соня Грайфер.
Нарэшце доўгачаканае вызваленне прыйшло. На трэці дзень рэдакцыя выпусціла першы нумар легальнай раённай газеты “Сацыялістычная вёска”.