Освобождение Клецка МУЗЕЙ ИСТОРИИ КЛЕТЧЕНЫ КЛЕЦКОГО РАЙОНА

ВЫЗВАЛЕННЕ КЛЕЦКА


Вызваленне Клецка ад нямецка-нацысцкіх захопнікаў прыпадае на час завяршэння 1-га этапу Беларускай аперацыі 1944 года і яе састаўной часткі - Мінскай аперацыі. У баях за вызваленне горада і раёна ўдзельнічалі войскі 28-й арміі 1-га Беларускага фронту і коннамеханізаванай групы пад камандаваннем генерал-лейтэнанта I. А. Пліева.

Вечарам 3 ліпеня 1944 года да Клец¬ка падышлі часткі 219-й Крамянчугскай Чырванасцяжнай танкавай брыгады Чырвонаградскага механізаванага корпуса пад камандаваннем палкоўніка Міхаіла Рыгоравіча Хлюпіна з задачай авалодаць горадам і рухацца да¬лей на горад Баранавічы.

Раніцай наступнага дня 1-шы танкавы батальён, узмоцнены батарэяй САУ-85, знішчальна-супрацьтанкавым батальёнам і аўтаматчыкамі пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза Паўла Сямёнавіча Кітчанкі, пачаў атаку на паўднёва-заходняй ўскраіне Клецка, але сустрэў арганізаваны артылерыйскі агонь і танкавую контратаку ворага. Вопытны камандзір П. С. Кітчанка па рацыі развярнуў частку сіл направа і выйшаў у фланг нацысцкіх танкаў. У выніку ўмелага танкавага флангавага ўдару батальён уварваўся ў Клецк. Пад прыкрыццём будынкаў да 12.00 танкісты выйшлі да цэнтра горада.

“На плошчы горада лейтэнант Яўсееў захапіў спраўны нямецкі танк, - успамінаў пазней Павел Сямёнавіч. - Да нас наблізіліся два варожыя бронетранспарцёры з пяхотай, зусім не здагадваючыся, што ў горадзе савецкія танкі. Камандзір танка, малодшы лейтэнант А. А. Гусеў адкрыў моцны агонь. Адзін бронетранспарцёр быў знішчаны, другі нацысты ў паніцы пакінулі. Немцы пабеглі да моста, пакідаючы на дарозе забітых і параненых. У гэтым баі загінуў камандзір танка А. А. Гусеў”.

У выніку імклівага наступлення вораг страціў 8 сярэдніх танкаў, 2 “пантэры”, 5 артбатарэй, 150 салдат і афіцэраў. Бой першага батальёна за горад завяршылі галоўныя сілы танка¬вай брыгады, якія хутка падышлі і з ходу ўступілі ў бой. Вораг на працягу дня тройчы кідаў у атаку танкі, імкнучыся выбіць нашых воінаў з горада, але танкісты П. С. Кітчанкі пры дапамозе 3-га батальёна капітана Я. К. Ільіна мужна адбівалі варожы наступ.

Адна са слаўных старонак пераможнага 4 ліпеня ў Клецку належыць 1313 знішчальна-супрацьтанкаваму артылерыйскаму полку 219-й танкавай брыгады. Адзін з камандзіраў батарэі 1313 зстап Іван Гагарын, шмат расказваў пра баі пад Клецкам, часта наведваў Клецк, сустракаўся са школьнікамі, ветэранамі вайны, жыхарамі горада. Ён заўсёды з хваляваннем казаў пра тыя баі, з гонарам адзначаў гераізм і адданасць савецкіх воінаў: “Пасля вызвалення горада Слуцка групы генерала І.Пліева ў складзе 10-й кавалерыйскай дывізіі, 219-й танкавай брыгады і 1313 знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка раптоўным ударам авалодалі горадам Капылём і ўзялі напрамак на Клецк, вызваляючы вёскі раёна”, - успамінаў былы камандзір батарэі І.Гагарын. Два дні – 3 і 4 ліпеня ідуць цяжкія баі за горад Клецк і чыгуначную станцыю.

З вуліцы на вуліцу, ад хаты да хаты рухаюцца да цэнтра батарэі 1313 ЗСТАП. Нацысты аказваюць упартае супраціўленне. Ім на дапамогу прыходзіць авіяцыя, яна пачынае бамбіць цэнтральную плошчу горада, дзе стаяў касцёл. Карыстаючыся момантам, немцы пераходзяць у наступ.

Моцна трымаецца вораг на паўночна-заходняй ускраіне горада, асабліва на тых участках, дзе стаяць чацвёртая і пятая артылерыйскія батарэі.

Нацысты абрынулі на пазіцыі шквал артылерыйскага агню, разлічваючы любой цаной затрымаць наступ савецкіх войскаў, тым самым не даючы магчымасці наступу на Баранавічы.

Каля адзінаццаці-дванаццаці гадзін вораг (пасля агнявога налёту) пераходзіць у наступ па шашы Нясвіж-Клецк і Лукаўцы-Клецк, кінуўшы ў бой некалькі танкаў і 300 салдат.

Роты танкістаў разам з кавалерыстамі пры падтрымцы першай, другой і трэцяй артылерыйскіх батарэй вядуць баі на заходняй ускраіне горада, дзе нацысты ўпарта супрацівяцца. Кавалерысты робяць рызыкоўны манеўр - заходзяць у тыл ворага і імгненнай атакай адбіваюць цэлы квартал.

Былы камандзір батарэі І-га артылерыйскага дывізіёна 125-га гвардзейскага артылерыйскага палка, гвардыі капітан Сплаўскі дзеліцца сваімі ўспамінамі пра вызваленне горада Клецка: “Складанае становішча стваралася ў горадзе Клецку, калі мы на досвітку ўвайшлі ў горад і замацаваліся на ўскраіне, а немцы за намі зноў занялі горад і адрэзалі нас ад галоўных сіл.

Я з батарэяй апынуўся ў двары маслазавода з камандзірам 160-га стралковага палка падпалкоўнікам Яцэнка і яго асабістай аховай аўтаматчыкаў. Чатыры гадзіны адбіваліся мы там пад артабстрэлам і бамбёжкай варожых самалётаў. Адбілі ўсе атакі пяхоты, знішчылі два нямецкіх танка пакуль падышлі нашы асноўныя часткі. Тады на месца прыбыў камандзір 3-га гвардзейскага стралковага корпуса і ўзнагародзіў ўвесь гарматны разлік ордэнамі Славы.”

Мы свята шануем імёны воінаў, якія ваявалі за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Памяць пра гераічны подзвіг святая. Менавіта яна дапамагае нам не дапускаць трагічных памылак, а рэальна ацэньваць пагрозы і атрымаць сур'ёзныя высновы з мінулага.