Вырашэнне “яўрэйскага пытання” СТАРОДОРОЖСКИЙ ИСТОРИКО-ЭТНОГРАФИЧЕСКИЙ МУЗЕЙ

Вырашэнне “яўрэйскага пытання”


У гады нямецка-фашысцкай акупацыі на тэрыторыі Старадарожскага раёна нямецка-фашысцкія карнікі расстралялі, павесілі, спалілі жывымі звыш 1 тыс. яўрэяў – старых, жанчын, дзяцей.

Першае крывавае пабоішча адбылося 6 жніўня 1941 г. Шмат яўрэяў – старых, жанчын, дзяцей, нямоглых, хворых, інвалідаў – было сагнана ў яўрэйскае гета ў г. Старыя Дарогі. На месцы былога гета цяпер месціцца будынак пажарнай аховы. У гэты дзень частка яўрэяў была выведзена ва ўрочышча Кашарка, якое знаходзілася насупраць ваеннага гарадка. Яўрэяў падагналі да ямы, якая была загадзя падрыхтавана, загадалі зняць з сябе адзенне. Яўрэі былі расстраляны з кулямётаў, якія былі пастаўлены супраць ямы. У яму ў беспарадку падалі забітыя і параненыя. Тыя людзі, якія пасля гэтакай жудаснай расправы наведалі ўрочышча Кашарка, бачылі, што яшчэ тры дні ўздрыгвала і варушылася зямля пад магілаю і паверх прабіваліся крывавыя плямы.

19 студзеня 1942 г. у гэтым жа ўрочышчы нямецкія карнікі сагналі звыш 800 вязняў яўрэйскага гета і расстралялі ў рове каля першай ямы.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны часткова астанкі з ям-магіл былі перапахаваны сваякамі і блізкімі на гарадскія яўрэйскія могілкі, дзе цяпер узвышаецца помнік ахвярам фашызму.

19 студзеня 1942 г. нямецкія карнікі расстралялі яўрэяў у вёсках Вярхуціна, Горкі, Паськава Горка, Языль. Так пачалася аперацыя па “канчатковаму вырашэнню яўрэйскага пытання” на тэрыторыі Старадарожскага раёна.